Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Польшча гатовая дапамагчы Украіне, але працэс мабілізацыі вайскоўцаў на ўкраінскі фронт – гэта справа ўкраінскіх уладаў.
Такім чынам віцэ-прэм'ер і кіраўнік Мінабароны пракаментаваў прыпыненне абслугоўвання ўкраінскімі консульствамі мужчын ва ўзросце 18-60 гадоў у сувязі з законам аб пашырэнні мабілізацыі.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz) падкрэсліў, што Украіне патрэбныя навабранцы:
- Украінскай армiі тэрмінова патрэбны навабранцы. Пра гэта я неаднаразова чуў ад прадстаўнікоў украінскіх уладаў. Таму Польшча гатовая дапамагчы Украіне, але сам працэс мабілізацыі – гэта ўжо справа ўкраінскага ўраду.
У аўторак кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба падкрэсліў, што знаходжанне за мяжой не вызваляе ад абавязкаў перад дзяржавай і заявіў аб «справядлівым» падыходзе да мужчын мабілізацыйнага ўзросту, якія знаходзяцца як у краіне, так і за мяжой. Гэта звязана з нядаўна прынятым законам, у тым ліку аб мабілізацыі, які пашырае кола патэнцыйных прызыўнікоў і ўводзіць больш жорсткія абавязкі для ўкраінцаў, якія знаходзяцца за мяжой.
IAR/ TVP Info/аз